Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА, як за апошнія 30 гадоў змянілася структура злачыннасці ў Беларусі. Ён таксама адзначыў, што сучасныя тэхналогіі дапамагаюць з лёгкасцю адсачыць месцазнаходжанне чалавека.

«Аператыўная абстаноўка з гадамі мяняецца: некаторыя віды злачынстваў адыходзяць у мінулае, з’яўляюцца новыя. Так, у 1994 годзе было здзейснена 1359 разбойных нападаў, а ў 2024-м — 52. Акрамя таго, у 1994 годзе было здзейснена 1432 крадзяжы аўтамабіля, а ў 2024-м — 48, і ўсе машыны знойдзеныя. Варта таксама ўлічваць, што ў тыя часы раскрывалася менш за 50% разбойных нападаў, а ў 2024 годзе раскрытыя ўсе такія злачынствы», — расказаў Кубракоў.
Паводле яго, кіберзлачынствы — няшчасце сённяшняга дня. «Пры гэтым у 2022 і 2023 гадах колькасць такіх злачынстваў павялічвалася ў два-тры разы, а ў 2024 годзе ўдалося пераламаць гэтую тэндэнцыю. Больш за тое, за першыя два месяцы 2025 года колькасць кіберзлачынстваў знізілася на 10%. Такі вынік стаў магчымы дзякуючы правядзенню прафілактычнай работы, зменам у заканадаўстве. Гэтыя злачынствы, як правіла, здзяйсняюцца людзьмі, якія знаходзяцца за мяжой. Аднак злачынцы выкарыстоўваюць грамадзян Беларусі ў якасці кур’ераў. На сённяшні дзень 70−80% пасыльных затрымліваюцца намі», — падкрэсліў міністр.
Кубракоў дадаў, што злачынцы пастаянна прыдумляюць новыя схемы. «Былі ўнесеныя змены ў заканадаўства. Сёння мы можам блакаваць угоду на пэўным этапе, не звяртаючыся ў банк. Таксама ідзе аператыўная праца ў інтэрнэце Дэпартамента крымінальнай разведкі. Як толькі паступае званок з тэрыторыі іншай краіны, мы ўжо пачынаем працаваць на прафілактыку», — адзначыў кіраўнік беларускай міліцыі.
Акрамя таго, Кубракоў падкрэсліў, што цяпер не толькі махлярства, але і наркагандаль сыходзяць у інтэрнэт. «Мы гэта выдатна разумеем. Таму змяняецца заканадаўства, узмацняюцца меры адказнасці за такія злачынствы. Тут можна ўспомніць сітуацыю з наркагандлем. Пяць-сем гадоў таму гэта было вялікай праблемай для нашай краіны. Але прынятыя меры спрыялі зніжэнню колькасці такіх злачынстваў. Гэтак жа будзе і з кіберзлачынствамі. Ужо цяпер грамадзяне сталі нашмат пільнейшымі», — дадаў ён.
Кіраўнік МУС звярнуў увагу, што людзі павінныя разумець: штучны інтэлект можа імітаваць любы голас. «Сёння мы ўмеем гэтаму супрацьстаяць і самі выкарыстоўваем ШІ. Ён выкарыстоўваецца, напрыклад, у рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі. Мы можам націсканнем некалькіх кнопак вызначыць, дзе і на чым перасоўваецца чалавек. Такім чынам мы трымаем бяспеку ў гарадах нашай краіны пад кантролем», — расказаў міністр.
Ён таксама адзначыў, што за 2024 год злачыннасць знізілася больш чым на 14%.