«Калі што, я нават гатовы ўзяць у рукі зброю». Просты беларус скарыў сэрцы палякаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гэты ролік з беларусам у Польшчы выйшаў два месяцы таму, але яго і дагэтуль абмяркоўваюць у сацсетках. Сталы мужчына ў шапцы з польскім гербам спадабаўся палякам сваім стаўленнем да іх краіны — настолькі, што сабраў сотні тысяч праглядаў, звярнула ўвагу "Наша Ніва".

Ролік, пра які ідзе гаворка, упершыню з’явіўся ў тыкток-акаўнце выдання podatkimeritum.pl яшчэ 7 студзеня. Цяпер відэа мае 828 тысяч праглядаў і амаль 1300 каментароў.

Гэта вулічная апытанка, у якой паўдзельнічаў беларус. Мужчына сталага ўзросту ў шапцы з польскім гербам, якую ён набыў у Закапанэ, заўважна хвалюецца.

Мужчына расказвае, што з’яўляецца ўцекачом з Беларусі. У яго запыталіся, дзе лепшыя ўмовы працы — у Беларусі ці ў Польшчы:

«Бывае па-рознаму. Там, дзе я цяпер працую, нашмат лепш, [чым у Беларусі,] бо гэта прыватнае прадпрыемства. У Мінску я працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, і там было цяжка».

Беларус падкрэсліў, што польскага заробку яму хапае, і тут не працуе прынцып «заўжды мала» — сваёй працай мужчына задаволены.

Потым у яго спыталі, чаго ён жадае для сябе, але мужчына паказаў, што эгаізм яму не ўласцівы:

«Я хацеў бы для палякаў незалежнасці, трымацца. Калі што — я нават гатовы ўзяць у рукі нейкую зброю і змагацца. […] Я толькі што быў у касцёле, прасіў там у Бога любові да мяне».

Ветлівы і прыязны беларус скарыў сэрцы палякаў. Вось толькі некаторыя з соцень каментароў:

«Беларусы — гэта самы дружалюбны і блізкі нам народ».

«Беларусы заўжды былі цудоўнымі людзьмі».

«Брава! Беларусы — гэта нашы браты».

«Файны мілы старэйшы чалавек, які шануе наш край».